ЧАМУ БЕЛАРУСКІ НЯ ХОЧУЦЬ НАРАДЖАЦЬ?
Сёлетняя штогадовая справаздача Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (UNFPA) амаль цалкам прысьвечаная падлеткам. Цяпер на парозе дарослага жыцьця стаіць самая вялікая ў гісторыі чалавецтва колькасьць маладых людзей ва ўзросьце ад 10 да 19 гадоў — 1 мільярд 200 мільёнаў. У Беларусі ў гэтай узроставай групе кожны шосты грамадзянін, альбо 1,5 мільёна чалавек.
Ігар Карней, Менск
Каардынатарка праграмаў UNFPA ў Беларусі Тацяна Гаплічнік канстатуе, што дэмаграфічныя праблемы ва ўсім сьвеце агульныя: чалавецтва імкліва старэе. Да нядаўняга часу маладымі лічыліся краіны Лацінскай Амэрыкі і Афрыкі, у якіх нараджальнасьць была традыцыйна высокая. Але ў Афрыцы, дзе жанчыны нараджалі 7–8 дзяцей, гэты працэс прыпыняецца. Не да такіх, праўда, памераў, як у Эўропе, дзе паказчык колькасьці народжаных на адну жанчыну складае толькі 1,3–1,5 — у той час, як для аднаўленьня грамадзтва каэфіцыент павінен быць 2,3.
Досьвед Заходняй Эўропы сьведчыць, што заахвоціць да нараджальнасьці цяжка нават істотнымі льготамі для сем’яў зь дзецьмі. Адзіным выйсьцем для многіх краінаў застаецца іміграцыя. Што да Беларусі, то спадарыня Гаплічнік кажа: пакуль што сытуацыя ў краіне ня самая дрэнная ў сьвеце.
(Гаплічнік: ) “У нас ёсьць невялікі запас, бо ў рэпрадукцыйны ўзрост увайшло вялікае пакаленьне 1980-х. Непрацяглы пэрыяд “бэбі-буму”, калі была істотна павялічаная дапамога, падоўжаныя адпачынкі догляду за дзіцём, меў плён. Дасьледаваньні паказваюць: больш за 60% маладых людзей, якія яшчэ ня маюць дзяцей, хочуць мець двох. Ужо потым, калі яны робяцца больш дарослымі і разумеюць, што ўсё нашмат складаней, чым здавалася, рашэньне зьмяняецца. І сёньня ў Беларусі несуцяшальная прапорцыя паміж нараджальнасьцю і сьмяротнасьцю. Наўрад ці гэтыя паказчыкі прынцыпова можна зьмяніць. Застаецца адаптавацца і, ведаючы гэта, прымаць правільныя рашэньні як ў сем’ях, так і ў грамадзтве, і ў дзяржаве”.
Дзяржава заклікае нараджаць шмат, але маладых палохае тое, што кожная сям’я ўрэшце застанецца сам-насам са сваімі праблемамі. Вось што гаворыць старшыня Асацыяцыі шматдзетных сем’яў Савецкага раёну сталіцы Сьвятлана Бронава, маці чатырох дзяцей:
(Бронава: ) “Шматдзетную маці на працу не бяруць, бо гэта сацыяльныя выплаты, дапамогі, бальнічныя, а выдаткі не патрэбныя нікому. Скасавалі бясплатнае харчаваньне дзецям да двух гадоў, а раней маці мела такую льготу. Гэтак жа лекі: бясплатна толькі асьпірын. Заробак, які прыносяць нашыя мужыкі — гэта сьлёзы: на 100 даляраў нерэальна пракарміць сям’ю, ня кажучы пра камунальныя паслугі. Яшчэ праблема — школьнае харчаваньне. Патрабуюць кучу даведак, што ты малазабясьпечаны, хоць я ўпэўненая: шматдзетныя ў нашай краіне ад пачатку малазабясьпечаныя. Але ёсьць яшчэ тыя, хто ў гэтым сумняецца”.
(Карэспандэнт: ) “Застаюцца ўсё ж варыянты, пры якіх нараджаць будуць?”
(Бронава: ) “Калі б былі нейкія гарантыі, то, пэўна, жанчыны нараджалі б. А як нараджаць, калі заганяюць у кут? Жанчыны баяцца нараджаць, ведаючы, што не пракормяць, не апрануць дзіця. Таму ідуць, як я кажу, на мясарубку: робяць аборты, пазбаўляюць сваё дзіця жыцьця. А ўвогуле гэтая палітыка забівае нацыю. Год праз 30– 50 беларусаў ня будзе, бо нараджальнасьці няма”.
У Фінляндыі дзеці да 16 гадоў на поўным дзяржаўным забесьпячэньні — ад пампэрсаў ва ўзросьце немаўляці да пяціразовага харчаваньня ў школах. Сьвятлана Бронава ўпэўненая: каб падобныя ўмовы існавалі ў Беларусі, дэмаграфічнай праблемы ў краіне не было бы.
http://www.svaboda.org/news/articles/2003/10/20031008130523.asp
|