Кіно, што вызваляе ад акупацыі
07.11.2003 , 11:53
У Беларусі нарэшце зьняты паўнавартасны эўрапейскі фільм. Карціна Андрэя Кудзіненкі "Акупацыя" вяртае беларускае кіно да спрадвечнай і амаль забытай мэты мастацтва — зьдзіўляць, ачышчаць, агаломшваць. Выклікаць катарсыс. "Акупацыя" радыкальна розьніцца ад млявых беларускіх гісторый апошніх часоў. Фільм вылучаецца моцнай і сьвежай рэжысурай, пазначанай аўтарскай пазыцыяй.
Калі ў карціне "Настасься Слуцкая" Сьвятлана Зелянкоўская ператвораная ў бесканфліктную марыянэтку мыльнаопэрнай гісторыі, дык у фільме Кудзіненкі — выхаванца Віктара Турава — талент гэтай актрысы раскрываецца напоўніцу: гэта сама жарсьць, архетыпічная й пажадлівая Ева, жывы чалавек з крыві й плоці. Калі сцэнар Аляксандра Качана ў карціне "Павадыр" увасабляецца як гісторыя нат не барацьбы, а залагоджваньня лепшага найлепшым — дык ягоны ж сцэнар у "Акупацыі" крываточыць і скаланае гледача.
Фільм складаецца з трох навэл. Першая, "Адам і Ева", была зьнятая два гады таму і называлася "Партызанская містэрыя". Сёлета да яе далучаныя яшчэ дзьве містэрыі — "Маці" і "Бацька". Атрымалася цэласнае поўнамэтражнае кіно.
Калі мы спачатку яшчэ сьмяёмся ("Адам і Ева" — гэта містэрыя-іронія), дык потым нам сьціскае горла ад суперажываньня мацярынскай бядзе. А містэрыя-прыпавесьць "Бацька" пакідае нас у трывожным і раздумлівым чаканьні. У кожнай гісторыі ёсьць трагічная памылка, якую выправіць немагчыма. Вясковы хлопец Адам (Аляксандар Маўчанаў), які йшоў у партызаны, застаецца на хутары ў абдымках каханай. Ён трапляе ў пастку жаночых чараў і нат забівае свайго правадніка Штыркіна. Нямая жанчына ратуе параненага нацыста, які замяняе ёй сына, што загінуў. Маленькі хлопчык так імкнецца адшукаць зьніклага бацьку, што прыводзіць у дом людзей, якія забіваюць яго айчыма і маці.
Скразным пэрсанажам усіх містэрый зьяўляецца партызанскі ваяка Штыркін у бліскучым выкананьні Аляксандра Колбышава. У першай частцы яго забіваюць, але ён пасьпяхова "ўваскрасае": гісторыі наўмысна ідуць у адваротным парадку. (Прывітаньне Тарантына й Орсану Ўэлсу.)
"Аляксандар Колбышаў сыграў падонка!" — абураўся высокі кіначыноўнік у даносе-рэцэнзіі. Штыркін — не хрэстаматыйны беларусьфільмаўскі партызан; яго найбліжэйшыя "сваякі" — хутчэй, пэрсанажы Плаўтавых камэдый. Гэта балаганны выхваляка, які зграбна-чароўным жэстам расьпіхвае па кішэнях скрадзенае, занюхвае коткай гарэлку — ну папросту недаравальны паклёп на сьветлы вобраз партызана і "старэйшага брата". Але за сьмехам бачацца рэчы сур’ёзныя. Ці ня ёсьць Штыркін Мікітам Зноскам свайго часу, з тымі ж пакутамі рабства й прыстасавальніцтва?
Акторскія працы ў карціне дакладныя, трапныя, вывераныя і неверагодна жывыя. Маці (Алена Сідарава) цягне параненага, хапае ротам паветра, высільваецца — амаль адчувальная пакута цела на белай прасторы сьнегу — такое было ў дакумэнтальным фільме Віктара Дашука.
"Гэта проста нейкая жывёльнасьць", — абуралася адна глядачка. Як так? Жанчына корміць параненага нямецкага жаўнера ўласным малаком. Але гэта глядзіцца як неабмежаванае мацярынскае дараваньне. Гэты эпізод у сцэнары сапраўды меў моцныя біялягічныя й фрайдысцкія элемэнты, але рэжысэр зьняў рызыкоўныя сцэны настолькі тактоўна, наколькі гэта ўвогуле было магчыма.
А апошнія кадры "Маці", калі нямая жанчына, каб вярнуць навазнойдзенага сына, падпальвае ўласную хату і грае на падораным губным гармоніку, шокава й палемічна спасылаюцца на "Знак бяды". Андрэй Кудзіненка хацеў паказаць сваю карціну Быкаву, але мантаж фільму быў завершаны 22 чэрвеня, у дзень сьмерці пісьменьніка.
Ролю зацятага нацыста выканаў Андрэй Курэйчык. На здымачнай пляцоўцы маладога драматурга шматкроць "зьбівалі" й па некалькі дубляў запар кідалі ў сьнег. "Гэта табе ня п’ескі пісаць!" — пасьмейваліся акторы-"паліцаі". Мастакі, якія глядзелі карціну, захапляліся грымам, але гэта была натуральная фізіяномія Курэйчыка, якая папросту апухла падчас здымак.
Андрэй Кавальчук грае ў трэцяй містэрыі вясковага старасту Яна, на якога палююць партызаны. У карціне створаныя вобразы сялянаў, галоўнымі атрыбутамі якіх зьяўляюцца ня лапці, каўтун і забітасьць, але годнасьць, зямля і свабода. Гэта і Адам зь першай містэрыі, і Ян, які зьбіраецца змагацца з камуністамі сам і пасынка свайго падвучвае, дый галоўны станоўчы пэрсанаж карціны — Якуб Лойка.
Якуб Лойка ў выкананьні Анатоля Кота — адзін з самых моцных, прывабных і шматабяцальных вобразаў беларускага кіно. Гэткі селянін-арыстакрат у капелюшы. Пабачыўшы яго, можна сказаць, што ў беларускага кіно не абы-які патэнцыял вэстэрнаў. Але ў гэтым фільме Кот заканамерна акцэнтуе ў сваім герою не тэхаскія, але заходнебеларускія рысы.
Якуб Лойка — патомны партызан. Ягоны прадзед сышоў ваяваць да Каліноўскага. Сцэна, дзе Якуб даходліва тлумачыць Штыркіну, супраць каго змагаўся ягоны прадзед, зрывае аплядысмэнты й сьмех.
Але горла сьціскаецца ў сцэне, дзе партызан Якуб мусіць забіць старасту Яна. "Ну што, братка, мы з табой тутэйшыя, самі разьбяромся. А я балюча не зраблю. Мы ж свае людзі…" Удзельнікі здымачнай групы нават плакалі. Вайна дасягае апатэозу, на экране мы бачым толькі людзкія твары — сьмерць жа ўваходзіць у чалавечае сэрца.
Пасьля гэтага нерухомееш і толькі бачыш, як нясуць соннага хлопчыка-пасынка (Ігар Пстыга). Той сам адчыніў дзьверы мсьціўцам, бо лічыў, што прыйшоў ягоны тата.
Напярэдадні хлопчык маліўся, каб бацька забраў яго з маці і "каб дзядзька Ян не перашкодзіў". Дзіця малілася сумленна й шчыра, сьціскаючы вінтоўку. Які час, такія і цацкі.
У гэтай гульні жыцьцё зьнікае, зьнікае мужчына, юнак, дзіця — і застаецца нямотны жаночы крык, які гучыць здранцьвелай мэлёдыяй на губным гармоніку ды шугае пажарам. І гэта ўжо ня роспач, а прысуд і ачышчэньне.
Застаецца дупло ў вялізным дубе, дзе прачынаецца пакінуты хлопчык. Ён бяжыць па сьнезе й крычыць тонкім сарваным голасам: "Тата! Тата!"
Карціна ўражвае пранізьлівым і суворым гуманізмам. Рэдка кіно размаўляе так, але гэтыя імгненьні найкаштоўнейшыя.
Нельга не адзначыць віртуозную працу гукарэжысэра й кампазытара Андрэя Волкава, які то жартуе акордамі з вэстэрнаў, то агортвае нас трывожнаю, амаль містычнаю атмасфэраю. Апэратар Павал Зубрыцкі стварае ілюзію кінастужкі, хаця фільм зроблены на лічбавым відэа; лёгкая камэра, панарамы і вывераныя статычныя кадры. Сучасная апэратарская кінамова.
Можна сказаць, што ў фільме ёсьць кадры зацягнутыя; што лепей было ў трэцяй містэрыі не дубляваць Ганну Пінкевіч (яе агучыла выкладчыца беларускай мовы), бо гэта робіць яе рэплікі занадта "правільнымі"; што лішнімі выглядаюць цытаты зь Бібліі — архетыпічныя сытуацыі гавораць за сябе самі, — але ўсё гэта ня можа сапсаваць карціны.
Андрэй Кудзіненка іранічна гуляе з мовамі. Беларускія рэплікі дублююцца "карэктнымі" расейскімі тытрамі: "А голас як у дупе волас" — "И голос тоже не очень". "Я хацеў, каб людзі адчулі сакавітасьць беларускай мовы", — кажа рэжысэр.
Карціна надзвычай кінэматаграфічная, насычаная мітамі й размовамі пра кіно. Мільгаюць фатаздымкі Любові Арловай і Марлен Дзітрых, чуюцца сьпевы зь "Вясёлых хлопцаў" (сьпявае паліцай).
Фільм Андрэя Кудзіненкі — гэта моцнае гульнявое й арыгінальнае эўрапейскае кіно зь беларускім акцэнтам і тварам, з крынічнай хваляю беларускае акавіты. Шчэ на стадыі здымак карціна была запрошаная на прэстыжны Ратэрдамскі фэстываль, што адбудзецца ў студзені. Некалькі маскоўскіх відэакампаній, якія выпадкова пабачылі "Акупацыю", б’юцца за правы на яе продаж.
У Беларусі прэм’ера плянавалася ў кінатэатры "Партызан". Але Саюз кінэматаграфістаў, які перайшоў на партызанскае становішча пасьля таго, як яго будынак заняў дзяржкантроль, збаяўся. Чыноўнікі — нават падчас здымак — намякалі на нейкі "пацыфізм" і "антыдзяржаўнасьць". Што ж, звычайная сытуацыя для Беларусі. Але ня вечная.
"Акупацыя" пачынаецца з правакацыйнага сьцьверджаньня: "Пяцьсот гадоў таму яны ня ведалі, што яны беларусы, але іх дзяржава была найбольшай у Эўропе. Калі яны даведаліся пра гэта, у іх ужо не было дзяржавы. Сто гадоў іх лічылі недаробленымі рускімі. Потым дваццаць гадоў — непаўнавартаснымі палякамі. Яшчэ два гады — савецкімі. А потым пачалася вайна і акупацыя. Пасьля іх беларусаў засталося зусім мала. Цяпер у беларусаў ёсьць дзяржава. Але іх саміх ужо няма".
Фільм даказвае адваротнае самым радыкальным чынам — празь незабыўную мастацкую вобразнасьць, празь сьцьвярджэньне сапраўднага беларускага кіно.
Акупацыі беларускай душы болей не існуе.
Беларускае кіно пачынаецца.
Андрэй РАСІНСКІ, "Наша ніва"
http://www.naviny.by/node.phtml?index=22008
|