ВЯРХОЎНЫ СУД ЗША ЗГАДЗІЎСЯ РАЗГЛЯДЗЕЦЬ ПАЗОВЫ АРЫШТАВАНЫХ БАЯВІКОЎ АЛЬ-КАЙДЫ
Вярхоўны суд ЗША прыняў да разгляду пазовы, пададзеныя адвакатамі арыштаваных талібаў і баявікоў Аль-Кайды, што ўтрымліваюцца на амэрыканскай ваеннай базе Гуантанама на Кубе. Аналітыкі кажуць, што гэта справа стане ключавой у вызначэньні дылемы паміж індывідуальнай свабодай і меркаваньнямі нацыянальнай бясьпекі.
Віталь Цыганкоў, Прага
Пазоўнікамі выступаюць 16 зьняволеных, сярод якіх грамадзяне Вялікай Брытаніі, Аўстраліі і Кувэйта. Праз сваіх адвакатаў яны настойваюць на тым, што іхнае ўтрыманьне ў Гуантанама незаконнае. Яны сьцьвярджаюць, што працэс іх затрыманьня ў Афганістане, перавозу на Кубу і зьняволеньня на ваеннай базе не рэгулюецца аніякімі прававымі нормамі. Нагадаю, што ў Гуантанама цяпер знаходзіцца каля 600 баявікоў, захопленых падчас ваенных дзеяньняў у Афганістане.
Гэта першы выпадак пасьля аб’яўленай прэзыдэнтам Бушам глябальнай вайны з тэрарызмам, і ён можа мець даволі вялікае далейшае значэньне з пункту гледжаньня паўнамоцтваў прэзыдэнцкай улады падчас гэтай вайны. Дагэтуль амэрыканскія суды ніжэйшых інстанцыяў адмаўляліся прымаць апэляцыі зьняволеных баявікоў, спасылаючыся на абмежаванасьць сваёй кампэтэнцыі.
Інтарэсы адной з групаў прадстаўляе Цэнтар канстытуцыйных правоў, ньюёркская некамэрыцыйная арганізацыя. Дырэктар гэтай арганізацыі Джэфры Фогэль у інтэвію для нашага радыё заявіў:
(Фогэль: ) “Мы маем выпадак, які Брытанскі апэляцыйны суд назваў “прававой чорнай дзіркай у Гуантанама”. І гэта тое, за што ЗША сур’ёзна крытыкуюцца ва ўсім сьвеце і асабліва там, дзе клапоцяцца пра правы чалавека. Таму мы ўсьцешаны тым, што Вярхоўны суд ЗША разгледзець гэты выпадак і спадзяемся, што суд вырашыць гэтае пытаньне ў слушным кірунку”.
Адвакаты арыштаваных баявікоў абвінавачваюць Вашынгтон у парушэньні многіх міжнародных нормаў, паколькі затрыманыя ўтрымліваюцца на базе без прад’яўленьня афіцыйных абвінавачваньняў і без якіх-небудзь шанцаў даказаць сваю невінаватасьць. Паводле міжнародных законаў, ЗША павінны дакладна вызначыць прававы статус зьняволеных, большасьць зь якіх, здаецца, нават ня ведаюць, дзе яны знаходзяцца і якія правы маюць.
Разам з тым, многія ў Амэрыцы, асабліва сваякі загіблых 11 верасьня 2001 году, лічаць, што затрыманыя баявікі Аль-Кайды і Талібану зьяўляюцца ваеннымі палоннымі і ня маюць правоў цывільных асобаў. Такім чынам пытаньне тут, сапраўды, стратэгічнае – наколькі могуць быць пашыраныя правы ўраду падчас войнаў і наколькі яны распаўсюджваюцца на грамадзянаў іншых краінаў.
Некаторыя экспэрты лічаць, што рашэньне, якое прыме Вярхоўны суд ЗША, можа стацца вызначальным на дзесяцігодзьдзі наперад. У любым выпадку, здаецца, толькі гісторыя можа адказаць не пытаньне, ці былі слушнымі некаторыя жорсткія захады, прынятыя амэрыканскім кіраўніцтвам пасьля тэрактаў 11 верасьня. Ці ўхваляць іх у будучыні амэрыканцы альбо назавуць памылкай, як, напрыклад, цяпер называюць парушэньнем грамадзянскіх правоў дэпартацыю амэрыканцаў японскага паходжаньня падчас Другой сусьветнай вайны.
http://www.svaboda.org/news/articles/2003/11/20031111184544.asp
|