031023. Спроба сустрэцца з Лукашэнка скончылася затрыманнямі // 031023. БАБРУЙСКУЮ ГАЛАДОЎНІЦУ ЛЮБОЎ САНКЕВІЧ У МЕНСКУ ЗАТРЫМАЛІ Й ШПІТАЛІЗАВАЛІ
Спроба сустрэцца з Лукашэнка скончылася затрыманнямі 11:26, 23/10/2003, фота ByMedia.net 22 кастрычніка АМОН разагнаў пікет чатырох бабруйчанак на Кастрычніцкай плошчы Менску, якія дамагаліся сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, каб распавесьці яму пра свае праблемы. Міліцыя затрымала жанчын, а таксама назіральніка ад Беларускага Хэльсынскага камітэту і карэспандэнта Радыё Свабода. Бабруйчанкі Любоў Санкевіч, Ева Ўсьцімчук, Галіна Гусева і Яніна Аўсянік свой прыезд у Менск называюць апошнім шанцам дамагчыся справядлівасьці пасьля таго, як ім адмовілі ва ўсіх іншых адміністрацыйных і судовых інстанцыях. Зь ліпеня 2001 году яны пішуць заявы ў адміністрацыю прэзыдэнта, каб патрапіць на прыём да Аляксандра Лукашэнкі й распавесьці яму пра ўсе чыноўніцкія і судовыя несправядлівасьці. Спадарыня Санкевіч хоча аднавіцца на працы на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў, на знак пратэсту яна галадае дваццаць два дні. Яе сяброўка Галіна Гусева спыніла галадоўку на шаснаццаты дзень пасьля таго, як стан яе здароўя рэзка пагоршыўся, але нягледзячы на гэта, яна таксама паехала ў Менск да прэзыдэнцкай адміністрацыі. Яна патрабуе вяртаньня выплачаных грошай за кватэру, якую ёй прадпрыемства “Фандок” так і не дало. Галіна Гусева зазначыла, што яна ўжо нікому ня верыць, у тым ліку А.Лукашэнку. Ева Ўсьцімчук патрабуе аднаўленьня на працы, кватэры і дастойнага заробку, які абяцаў перад выбарамі А.Лукашэнка. Яніна Аўсянік выхоўвае дзіця-інваліда і стаіць на чарзе на атрыманьне жытла ўжо 17 гадоў. Чатыры стомленыя жыцьцём бабруйскія жанчыны наважыліся на адчайны крок — правесьці ў Менску насупраць адміністрацыі Лукашэнкі несанкцыянаваную акцыю пратэсту. Яны дасталі напісаны на белай тканіне лёзунг з надпісам, што патрабуюць сутрэчы з А.Лукашэнкам ужо тры гады. Гэты лёзунг пратрымаўся ў іх руках роўна дзьве хвіліны, пакуль не падышлі супрацоўнікі АМОНу. Пратэстоўніцы замітусіліся, спрабавалі пакінуць Кастрыніцкую плошчу, але яшчэ адзін нарад АМОН перагарадзіў ім дарогу да мэтро. Як вынік, Любоў Санкевіч і Яніну Аўсянік затрымалі й даставілі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі Менску. Разам зь імі былі затрыманыя назіральнік ад Беларускага Хэльсынскага камітэту Юры Грыгор’еў, рэжысэр Руслан Зголіч і карэспандэнт Радыё Свабода. Як паведамляе Радыё Свабода, пасьля гадзіннага разьбіральніцтва міліцыянты ўсіх адпусьцілі без складаньня пратаколаў. А Руслана Зголіча і Любоў Санкевіч хуткая дапамога адвезла ў шпіталь. У абодвух лекары зафіксавалі падвышаны ціск. Галадоўніца Любоў Санкевіч знаходзілася ў стане, блізкім да гіпэртанічнага крызу, але афіцыйна абвесьціла міліцыі й лекарам, што будзе працягваць галадоўку і адмовіцца ад лекаў, пакуль зь ёй не сустрэнецца А.Лукашэнка. http://www.charter97.org/bel/news/2003/10/23/arest |
|