БЕЛАРУСКУЮ МОВУ АБЯЦАЮЦЬ ВЯРНУЦЬ У ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ВЫПУСКІ БТ
Пра гэта паведаміў нашаму радыё старшыня Таварыства беларускае мовы Алег Трусаў. Гэтак, на думку спадара Трусава, адміністрацыя прэзыдэнта адрэагавала на зварот дэлегатаў 8 зьезду ТБМ. Ананімная крыніца з адміністрацыі прэзыдэнта пацьвердзіла гэтую інфармацыю.
Валянціна Аксак, Менск
Алег Трусаў паведаміў пра тэлефонную размову з чыноўнікам Адміністрацыі прэзыдэнта наконт рэакцыі на зварот тэбээмаўцаў у сувязі з дэбеларусізацыяй дзяржаўных тэлеканалаў.
(Трусаў: ) “Ён сказаў, што наш ліст быў разгледжаны на нейкай там плянёрцы з удзелам старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова. І што адміністрацыя выказала пажаданьне Рыбакову, каб празь месяц навіны ізноў загучалі па-беларуску. Рыбакоў быццам бы абяцаў, што гэта будзе зроблена.”
Зварот быў надрукаваны ў незалежных мэдыях, а таксама дасланы на адрасы Аляксандра Лукашэнкі і выканаўцы абавязкаў кіраўніка ўраду Сяргея Сідорскага. У ім, у прыватнасьці, былі выкладзеныя тры патрабаваньні: па-першае, аднавіць тэлевізійныя трансьляцыі на беларускай мове; па-другое, прыняць шэраг нарматыўных актаў, якія б забясьпечвалі рэальную роўнасьць дзьвюх асноўных моўных супольнасьцяў і рэглямэнтавалі тэлевяшчаньне на дзяржаўнай беларускай мове адпаведна зь лічбамі перапісу насельніцтва; па-трэцяе, зыходзячы з гэтага, абавязаць кабельных апэратараў уключаць адпаведную колькасьць беларускамоўнага эфірнага часу.
Крыніца ў адміністрацыі прэзыдэнта, якая не пажадала быць названай, пацьвердзіла мне, што зварот тэбээмаўцаў сапраўды быў агучаны на плянёрцы, і што цяпер рыхтуецца адмысловае паседжаньне з удзелам кіраўніка краіны, на якім будзе, у ліку іншых пытаньняў разьглядацца праблемы працы тэлеканалаў і пытаньне беларускамоўнага вяшчаньня. Прызначаная папярэдняя дата гэтага паседжаньня – 17 лістапада. На ім, магчыма, будуць прынятыя нейкія рашэньні ў справе вяртаньня беларускае мовы ў інфармацыйныя праграмы першага нацыянальнага тэлеканалу.
Нагадаю, што цяпер, паводле падлікаў тэбээмаўцаў, у эфіры чатырох дзяржаўных тэлеканалаў сумарны час беларускамоўнага вяшчаньня складае менш за 7%. Між тым, як 73,6% грамадзянаў краіны падчас апошняга перапісу насельніцтва назвалі роднай моваю беларускую.
На 8 зьездзе ТБМ, які адбыўся 12 кастрычніка, апрача звароту да палітычнага кіраўніцтва краіны, быў прыняты і зварот у Канстытуцыйны суд. У ім дэлегаты зьезду прасілі даць прававую ацэнку дзеяньняў кіраўніцтва Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі і асабіста яе старшыні Ягора Рыбакова. Такі ж зварот ў Канстытуцыйны суд накіроўвала і рада саюзу пісьменьнікаў. Ніякае рэакцыі на гэтыя звароты ні тэбээмаўцы, ні пісьменьнікі пакуль што не атрымалі.
http://www.svaboda.org/news/articles/2003/11/20031104133118.asp
|