031118. Талант обязан удержаться. /// Валянціна Коўтун: “Талент павінен быць мужным”
Талант обязан удержаться.

Талант - это не подарок, а дар.

Соответственно, его нельзя просто принимать (испортится). Его надо отрабатывать, служить ему и дарителю...

Так что талантливый человек не имеет права сдаваться. Иначе он потеряет этот дар - читайте много разных детских сказок про это (разных народов)...

Держитесь!

з.р.

_____________________________

// на фото :


Ивона Жигон на "Золотом витязе"
галоўная
НАВІНЫ ч.30
папярэдняя
наступная
E-mail: ruz@tut.by
Валянціна Коўтун: “Талент павінен быць мужным”


Міхась Скобла, Менск

Аб’яднаныя летась у адну структуру літаратурныя рэдакцыі былі ахрышчаныя на рэвалюцыйна-ваяўнічы лад — РВУ “Літаратура і мастацтва”. У арганізацыі мелі быць адпаведная працоўная дысцыпліна, субардынацыя і адзінадумства. Зьявіліся людзі, у чые абавязкі ўваходзіла цэнзураваньне твораў. Пад дахам РВУ пачалі выходзіць кніжкі сумнеўнага зьместу… Каб працаваць у гэткіх умовах, трэба мець асаблівы талент. А ён ёсьць не ўва ўсіх. Сёньня мая госьця — пісьменьніца Валянціна Коўтун, да нядаўняга часу загадчыца аддзелу крытыкі й літаратуразнаўства часопісу “Полымя”.

(Міхась Скобла: ) “Спадарыня Валянціна, днямі вы напісалі заяву аб сваім звальненьні, прычым, напісалі, знаходзячыся ў больніцы, у кардыялягічным аддзяленьні. Чым гэта было абумоўлена?”

(Валянціна Коўтун: ) “Абумоўлена найперш тым, што мяне ў больніцу на хуткай дапамозе завезьлі менавіта зь месца працы, з рэдакцыйнага пакою. Адбылося гэта ў выніку працяглых нэгатыўных адносінаў да мяне з боку дырэкцыі РВУ “Літаратура й мастацтва”.

(Скобла: ) “Гэта быў нейкі канфлікт?”

(Коўтун: ) “Гэта быў канфлікт усяго майго жыцьця, гэта быў унутраны пратэст майго арганізму, майго таленту. Гэта была нязгода з тым, што робіцца ў голдынгу. З таго самага моманту, калі туды кіраваць прыйшла Таіса Бондар, я зразумела — мне там ня будзе месца. Бо я ўжо ведала яе адыёзную палітыку, яе адыёзны сьветапогляд — начыталася ейных опусаў. Разумееце, яна яркі прадстаўнік тае часткі беларускай інтэлігенцыі, якая зьяўляецца арсэналам цяперашняга рэжыму. На гэты арсэнал улада можа абапірацца ў барацьбе з сапраўднымі пісьменьнікамі, у барацьбе зь літаратурай. Урэшце — у барацьбе з дэмакратыяй”.

(Скобла: ) “Вы адпрацавалі ў рэдакцыі “Полымя” каля 30 гадоў, у тым ліку больш за год — у складзе РВУ. Вы можаце параўнаць, чым сёньняшняя сытуацыя ў вядомым будынку на Захарава,18 адрозьніваецца ад той, якая была раней?”

(Коўтун: ) “Радыкальна адрозьніваецца. Апошні час я працавала зь Сяргеем Законьнікавым і ведаю, што пры ім часопіс быў на вышыні. Выходзілі найцікавейшыя публікацыі, у нас былі найлепшыя аўтары — Васіль Быкаў, Янка Брыль, Сьвятлана Алексіевіч, Леанід Лыч... На старонках “Полымя” вялася кампэтэнтная гаворка пра літаратуру, пра час, пра народ. Што ж здарылася цяпер? Вы пагартайце выданьні, якія ўваходзяць у голдынг. Адна настаўніца параўнала іх (даруйце) з каналізацыяй, якую прарвала. Цяпер на іх старонках няма сапраўднае літаратуры. Няма пісьменьнікў, якія сталі сэрцавінай нашага творчага дрэва — таго ж Брыля, Казька, Вярцінскага, Карамазава, Кудраўца. Ён мне сказаў: “Прабач, Валянціна, я табе прынёс бы свае творы, але ў голдынг не панясу”.

(Скобла: ) “Але ж год таму, калі ўтварыўся голдынг, калі многія сышлі, вы ўсё ж засталіся працаваць у “Полымі”.

(Коўтун: ) “Гэта было маё наіўнае рашэньне. Я не зарыентавалася ў сытуацыі, можа быць, з прычыны сваёй вялікай любові да “Полымя”, таго часопісу, які я ведала апошнімі дзесяцігодзьдзямі. У мяне было інстынктыўнае жаданьне — не аддаць часопіс, захаваць яго хоць часткова. Мне наіўна верылася, што мы пераможам гэтую набрыдзь”.

(Скобла: ) “Полымя” і за савецкім часам улады спрабавалі неаднойчы “прытушыць”. Адна з такіх спробаў зафіксаваная ў вядомым “Сказе пра Лысую гару”:

У наступ рынуліся пешкі,
лілі ваду за чанам чан,
і задымілі галавешкі
у вочы бедным чытачам.

Можа, вы празьмерна драматызуеце сытуацыю? Улада проста хоча кантраляваць дзяржаўныя выданьні”.

(Коўтун: ) “Кантраляваць за нейкую падачку, якую яна час ад часу кідае? Тут справа ня ў голдынгу, не ў грашах нават. Справа ў агульнай сытуацыі, у нэгатыўным стаўленьні сёньняшняй дзяржавы да творчай інтэлігенцыі, да мовы, да народу, да нашай незалежнай дзяржавы”.

(Скобла: ) “Кім і на якой стадыі ў РВУ ажыцьцяўлялася цэнзура? Ці спрацоўваў “унутраны рэдактар”?”

(Коўтун: ) “Не, здымаліся матэрыялы пэўнымі людзьмі на стадыі падрыхтоўкі да друку. Прывяду прыклад. Маладая аўтарка Настасься Трушко напісала добры артыкул пра Ніла Гілевіча “Сьветач праўды”. І мне было адразу сказана галоўным рэдактарам “Полымя” Міколам Мятліцкім, што матэрыял ня пойдзе. Тут жа пра яго даведалася Таіса Бондар, і ўжо яна мне паведаміла, што мы ня можам друкаваць станоўчыя матэрыялы пра пісьменьніка, які, па-першае, забраў ад нас усе свае творы, і па-другое, крытыкуе голдынг”.

(Скобла: ) “Бондар зьняла матэрыял не чытаючы? Такім чынам, існуе забарона не на “крамольныя думкі”, а на пэўныя прозьвішчы?”

(Коўтун: ) “Менавіта так. Але гэта прозьвішчы акурат тых людзей, якія таленавітыя, якія зьяўляюцца любімымі ў народзе, якія пасьлядоўна адстойваюць дэмакратычныя прынцыпы існаваньня”.

(Скобла: ) “Вы — адзіны чалавек, які выступіў супраць утварэньня (дарэчы, у сьценах тае ж РВУ) менскай гарадзкой пісьменьніцкай арганізацыі. Патлумачце — чаму?”

(Коўтун: ) “Таму што гэтая арганізацыя мае на мэце ўнесьці раскол ў нашыя пісьменьніцкія шэрагі, якая ламае маладыя лёсы, бо ў голдынгу працуе шмат 30–40-гадовых творцаў. І многія зь іх таксама былі супраць стварэньня гэтай арганізацыі. Але кожны зь іх баіцца за сваю працу. Я выступіла супраць яшчэ на ўстаноўчым сходе, які, дарэчы, вёўся спачатку па-расейску, і толькі пасьля маёй заўвагі пачаў весьціся па-беларуску. І мне было сказана адкрытым тэкстам: Коўтун, калі вы ня хочаце ў нас працаваць, то мы вас не трымаем.

Таіса Бондар неаднойчы прыходзіла ў рэдакцыю “Полымя” і выказвала сваё незадавальненьне “вяласьцю”, як яна казала, аддзелу крытыкі. І я неяк ня вытрымала: “Добра, Таіса Мікалаеўна, давайце я напішу вам публіцыстычны артыкул пра тое, што ў нас няма беларускага тэлебачаньня, няма беларускай школы, пра тое, што ў нас нават кіраўнік дзяржавы гаворыць толькі па-расейску. Я напішу — надрукуйце ўсё гэта”. І мне было наўпрост заяўлена — у нас завялася апазыцыя. Пасьля рэгістрацыі новай пісьменьніцкай арганізацыі ўжо нельга будзе сказаць, што пісьменьнікі супраць таго ці іншага антыбеларускага дзеяньня ўладаў. Таму што калі нават увесь Саюз пісьменьнікаў выступіць супраць, то тут жа Бондар са сваімі стаўленікамі выступіць: “А мы — за!”. Гарадзкая пісьменьніцкая арганізацыя — гэта “падсадная качка”, якая заўсёды можа пракрычаць “одобрямс!”.

(Скобла: ) “Калі новая пісьменьніцкая арганізацыя стваралася дзеля падтрымкі ўлады, то чаму ў яе не ўвайшлі тыя пісьменьнікі, якія гэтую самую ўладу заўсёды падтрымлівалі — Іван Шамякін, Навуменка, Чаргінец?”

(Коўтун: ) “У мяне такое ўражаньне, што з такой адыёзнай фігурай, як Бондар, ніхто ня хоча мець справы. Ды й новай пісьменьніцкай арганізацыі ніхто ўсур’ёз не ўспрымае”.

(Скобла: ) “Выдатная ўкраінская пісьменьніца Ліна Кастэнка (паэзію якой, дарэчы, вы перакладалі) у сваім эсэ “Гуманітарная аўра нацыі” пісала: “Дэмакратыя тым і добрая, што пры дэмакратыі не дзяржава зьнішчае чалавека, а чалавек будуе дзяржаву”. А калі ўсё ж аўтарытарная дзяржава спрабуе зьнішчыць чалавека, што рабіць?”

(Коўтун: ) “Не зламацца і не зламаць свой талент. Мне хочацца сказаць кожнаму пісьменьніку: давайце берагчы Богам дадзены нам талент, не дамо згвалціць, падначаліць яго дзяржаўнай махіне. Талент павінен быць мужным. І калі мы не паддамося — гэта і будзе нашым подзьвігам. Сёньня не сагнуцца — самае важнае”.

http://www.svaboda.org/programs/studyja/2003/11/20031116123951.asp
Hosted by uCoz