"Крыніца" высахла
21.11.2003 , 18:51
З наступнага году “Крыніца” спыняе існаваньне, а “Літаратура і Мастацтва” цяпер будзе называцца “Літаратура і Грамадзтва”. Пра гэтыя ды іншыя навіны дзяржаўных літаратурна-мастацкіх выданьняў, аб’яднаных уладаю год таму ў адну рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову “Літаратура і мастацтва” — больш падрабязна.
Слова “Крыніца” на вокладцы папулярнага некалі выданьня сёлета пісалася дробнымі літарамі побач з больш выразным новым назовам — “Славянскі свет”. Гэткая славянская ўсясьветнасьць не дадала падцэнзурнаму часопісу папулярнасьці. З наступнага году “Крыніца” спыняе сваё існаваньне. Калектыў рэдакцыі ўжо не працуе. Аднак фармальна часопіс яшчэ не зьліквідаваны. Вось што пра лёс выданьня сказаў сёньня нашаму радыё кіраўнік аддзелу СМІ Міністэрства інфармацыі Віктар Гурэцкі: “Нейкія чуткі хадзілі… Даўно ўжо… Будзе зачыняцца, магчыма, з прычыны нерэнтабэльнасьці або наогул вялікіх стратаў. Там жа наклад яго колькі — сотня ці паўсотні… Там жа ніхто яго не купляе…”
Рэклямная абвестка рэдакцыйна-выдавецкае ўстановы “Літаратура і мастацтва” ( гэтак званага голдынгу) пра падпіску на свае выданьні, зьмешчаная ў апошнім нумары газэты “ЛіМ”, не ўтрымлівае падпісных зьвестак пра “Крыніцу”. Аднак на маё пытаньне, ці ёсьць гэта пацьверджаньнем закрыцьця часопісу, намесьнік кіраўніка голдынгу Ўладзімер Саламаха адмовіўся што-небудзь адказваць.
Нічога спадар Саламаха не адказаў і на пытаньне пра меркаваную зьмену з новага году назвы тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. Паводле нашай інфармацыі, адзіная дзяржаўная пісьменьніцкая газэта будзе называцца “Літаратура і грамадзтва”. Ускосным пацьверджаньнем таму можна лічыць надрукаваныя 21 лістапада словы новага галоўнага рэдактара тыднёвіка Анатоля Казлова. Спадар Казлоў піша што, “мастацтва будзе займаць крыху меншы аб’ём на старонках “ЛіМу”. Трэба ўлічваць, што існуе яшчэ і штотыднёвая грамадзка-асьветніцкая газэта “Культура”, дзе мастацтва падаецца значна шырэй, ва ўсіх аспэктах”. Траім супрацоўнікам газэты, якія займаліся асьвятленьнем мастацкага жыцьця краіны, кантракты ўжо не працягнутыя. Аддзел жа публіцыстыкі ўзмацняецца былым супрацоўнікам “Крыніцы” паэтам Яўгенам Хвалеем.
Цяперашні наклад “Літаратуры і мастацтва” — 1608 асобнікаў. На парадак вышэй спадзяюцца падняць яго кіраўнікі голдынгу, перамяніўшы назоў і зьмест газэты. А вось галоўная рэдактарка часопісу “Маладосць” паэтка Раіса Баравікова спадзяецца падняць наклад за кошт больш шчыльнага сяброўства зь юнымі чытачамі: “Мы вырашылі шэфства ўзяць над чатырнаццатай беларускай гімназіяй. Там вывучаюць паглыблена яшчэ нямецкую мову... Ну і спадзяемся, што ўсё-ткі ў нас атрымаецца з павелічэньнем накладу”.
Валянціна АКСАК, Радыё Свабода
http://www.naviny.by/node.phtml?index=22598
|