ПАЛІТЫЧНЫЯ ГАЛАДОЎКІ Ў БЕЛАРУСІ
Палітычныя галадоўкі — адна са зьяваў, якія розьняць БССР ад Рэспублікі Беларусь. За 12 гадоў незалежнасьці мноства людзей спрабавалі з дапамогаю галадаваньня дамагчыся свайго альбо проста ўзьняць голас. Адной з самых першых, цяжкіх ды пасьпяховых была галадоўка Юрыя Хадыкі й Вячаслава Сіўчыка ў 1994 годзе. Яна цягнулася 23 дні, але скончылася перамогай — палітыкі былі вызваленыя з турмы.
Сьвятлана Курс, Менск
5 чэрвеня 1995 году ў Віцебску паэт Славамір Адамовіч у сьледчым ізалятары абвясьціў сухую галадоўку. Сёньня Славамір ня любіць пра яе згадваць. Галадоўка — ня самы шчасьлівы час жыцьця. Яна, як і самаспаленьне — акт, калі чалавек праз самазьнішчэньне сыгналізуе пра непарадкі ў дзяржаўнай сыстэме, дэманструе, што захаваньне свабоды й гонару яму даражэйшае за здароўе.
Браты Стас ды Андрэй Пачобуты з Горадні распавядаюць пра свой досьвед. Стас Пачобут галадаў 10 дзён у турме, куды патрапіў за ўдзел у пікеце.
(Стас: ) “Нармальны, свабодны чалавек не павінен ціха сядзець у турме. Прынцып: “Вы мяне ўзялі, я вас аб гэтым не прасіў, вам будзе горш”. Першы дзень хочацца есьці, а потым ужо ня хочацца. Але тваё “Я” дабівае цябе каляровымі снамі пра прыгожа накрыты стол, стракаты абрус і прыгожую бляндынку. Галаданьне як працэс барацьбы са сваім целам скончыцца на трэція суткі. Эўфорыя пачынаецца на дзень пяты. Невядома адкуль бярэцца энэргія. З космасу ў галаве прыходзіць. Калі мне было 19, я практыкаваў галаданьне. Ня еў 33 дні, толькі піў ваду, сокі і ўсё запісваў, што са мной адбывалася. Мне быў цікавы мой арганізм”.
Брат Стаса, Андрэй Пачобут, трымаў сухую галадоўку:
(Андрэй: ) “Чацьвёра сутак трымаў сухую галадоўку. Цяжкавата было. На суд прывезьлі мяне — вусны сінія, выгляд непрэзэнтабэльны. Судзьдзя адразу адклаў працэс, і я пайшоў дадому. Галадоўка была адзінай мажлівасьцю абараніць маю годнасьць”.
Гаворыць псыхоляг Хрысьціна Сухотка:
(Сухотка: ) “Галадоўка ёсьць формай самаадпрэчваньня, у ейнай аснове зазвычай ляжыць акт адчаю. Псыхіка чалавека, які вырашаецца на гэта, перабудоўваецца, здымаюцца многія мэханізмы самазахаваньня. Каб залячыць псыхалягічныя траўмы, зьвязаныя з галадаваньнем, трэба патраціць часам некалькі год жыцьця”.
Дыетоляг гарадзенскага Цэнтру здароўя Тацяна Мураўка ў інтэрвію “Пагоні” тлумачыць небяспеку, што нясе здароўю галадоўка:
(Мураўка: ) “Галадоўка дае вялізную нагрузку ня толькi на страўнiк, але i на ныркi, сардэчна-сасудзiстую сыстэму. Падчас галадаваньня арганiзм чалавека вымушаны выкарыстоўваць уласную энэргiю, ужываць свае тканкi i органы, бо не атрымлiвае сiлкаваньня звонку. Парушаецца дзейнасць стрававальна-кiшэчнага тракту. Кiшэчнiк не спаражняецца, таму ўсе шкодныя рэчывы, што скаплiваюцца ў iм, усмоктваюцца ў кроў. Празь некалькi дзён наступае iнтаксыкацыя й паслабленьне арганiзму. Галадоўнiка нудзіць, кружыцца галава. Пасьля дзесяцi дзён галадоўкi ад атрутаў, што зьбіраюцца ў страўнiку, можа пачацца ванiтаваньне. Страўнiк ня ўтрымлiвае нiякай ежы, таму чалавек ванiтуе жоўцю. Падчас галадоўкi iстотна панiжаецца тэмпэратура цела, бо арганiзм вымушаны эканомiць энэргiю. Галадоўнік увесь час мерзьне”.
Гэта той працэс, які цяпер адбываецца ў арганізмах ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, што галадаюць больш за 10 дзён.
Беларуская дзяржава, як і любая недэмакратычная краіна, ня мае выразнага заканадаўства што да галадоўнікаў. Без адпаведнага заканадаўства ў любы момант можна гвалтам перапыніць акт пратэсту. У Камітэце выкананьня пакараньняў МУС мне сказалі, што яны не ўжываюць гвалту да галадоўнікаў у сваёй сыстэме. Аднак чалавек з сыстэмы МУС, які папрасіў, каб я яго не называла, пацьвердзіў, што калі галадоўка зацягваецца, чалавеку гвалтам уліваюць фізіялягічны раствор.
Маёр мэдслужбы Камітэту выкананьня пакараньняў, які назваўся Аляксандрам, лічыць, што зьняволеных ды арыштантаў трэба гвалтам выводзіць з галадоўкі, бо тая вельмі падрывае арганізм:
(Аляксандар: ) “Адразу распадаюцца вугляводы й глікаген у печані. А далей ідзе распад тлушчавой тканкі. Без вады чалавек можа пражыць прыкладна тыдзень, а калі ўжываць ваду — да месяца, сарака дзён. А потым ідзе аднаўленьне сіл арганізму дзесьці паўгоду”.
Адзін з самых зацятых пратэстоўнікаў у нашай краіне, Валеры Шчукін, скептычна ставіцца да галадоўкі як мэтаду дамагчыся правядлівасьці:
(Шчукін: ) “Я ня бачу сэнсу сёньня ў галадоўках. Выпадак з Ганчаром паказаў, што калі будзеш паміраць, цябе скруцяць, чатыры чалавекі трымаюць, а пяты залівае раствор — праз нос або задніцу. Вось каб галадаць, і кожны дзень тут пра цябе мітынгі, шэсьці, пікеты… Вось тады б гэта мела сэнс”.
Нядаўна прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі на пытаньне, ці будзе абвешчаная нацыянальная жалоба па рандзілаўскіх гаротніках, адказала: “А вы б абвяшчалі жалобу па трыццаці псыхічна ненармальных?” Пакуль дзяржава так ставіцца да грамадзянаў, галадоўка, сапраўды, малаэфэктыўны сродак. Каб яна спрацавала, трэба, каб вялікія групы насельніцтва прымусілі дзяржаву выканаць патрабаваньні галадоўніка.
Гаворыць гісторык Сьвятлана Нячай:
(Нячай: ) “Галадоўка перастае быць актам адчаю, калі яна робіцца актам цьвёрдасьці, калі яе падтрымліваюць тысячы людзей. Прыкладам могуць служыць галадоўкі Магандаса Карамчанда, славутага Магатмы Гандзі. Гэты чалавек, пасьля сьмерці якога застаўся стосік кніг, акуляры ды сандалеты, здолеў так зьяднаць нацыю галадоўкай, што разам зь ім у 1932 годзе галадала некалькі мільёнаў індыйцаў. Індыйцы дамагаліся пашырэньня выбарчых правоў, а не кілбасы, хаця перад тым 19 мільёнаў чалавек у Індыі памерлі з галадухі. Трэба выявіць, чаму непісьменныя й галодныя індыйцы сьцямілі, што выбары важнейшыя за кілбасу, а пісьменныя й сытыя беларусы ніяк гэтага ня сьцямяць? І зьліквідаваць гэтае адрозьненьне”.
http://www.svaboda.org/news/articles/2003/10/20031024121320.asp
|